СУСВЕ́ТНЫ РЫ́НАК,

сістэма ўстойлівых таварна-грашовых адносін паміж краінамі, якія звязаны ўдзелам у міжнародным падзеле працы; сукупнасць нац. рынкаў, якія ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць праз розныя формы эканам. адносін. С.р. узнік у 16 ст. на мануфактурнай стадыі развіцця грамадскай вытв-сці. Пачаў актыўна фарміравацца пад уплывам руху гандлёвага капіталу, які эканамічна і палітычна ўсталяваўся ў большасці еўрап. краін. Наступная стадыя развіцця С.р. звязана з прамысл. рэвалюцыяй 18—19 ст., якая буйную прам-сць паставіла ў залежнасць ад знешняга гандлю. Завяршальны этап яго фарміравання адносіцца да канца 19 — пач. 20 ст., характарызуецца ростам міжнароднага гандлю, зменамі ў структуры гандл. патокаў, якія ўзаемна пераплялі нац. эканомікі. С.р. актыўна ўплывае на эканам. адносіны і макраэканам. раўнавагу адасобленых гасп. сістэм, інтэрнацыяналізацыю вытв-сці і капіталу. На аснове канкурэнтнай барацьбы вызначае структуру і аб’ём экспарту тавараў, узровень міжнар. падзелу працы, міграцыі рабочай сілы і інш. Гл. таксама Сусветная гаспадарка.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)